На двух языках


1 Абрагам падняўся адтуль на поўдзень і пасяліўся паміж Кадэсам і Сурам; і быў часова ў Герары. 2 І сказаў Абрагам пра Сарру, жонку сваю: яна сястра мая. І паслаў Авімэлэх, цар Герарскі, і ўзяў Сарру. 3 І прыйшоў Бог да Авімэлэха ўначы ў сьне і сказаў яму: вось, ты памрэш за жанчыну, якую ты ўзяў, бо яна мае мужа. 4 Авімэлэх жа не кранаў яе і сказаў: Уладару, няўжо Ты загубіш і невінаваты народ? 5 ці ня сам ён сказаў мне: яна сястра мая? І яна сама сказала: ён брат мой. Я зрабіў гэта ў шчырасьці сэрца майго і ў чысьціні рук маіх. 6 І сказаў яму Бог у сьне: і Я ведаю, што ты зрабіў гэта ў шчырасьці сэрца твайго, і ўтрымаў цябе ад грэху прад Мною, таму і не дапусьціў цябе дакрануцца да яе; 7 а цяпер вярні жонку мужу, бо ён прарок і памоліцца за цябе, і ты будзеш жывы; а калі ня вернеш, дык ведай, што канечне памрэш ты і ўсе твае. 8 І ўстаў Авімэлэх рана раніцай, і паклікаў усіх рабоў сваіх, і пераказаў усе словы гэтыя ў вушы іхнія; і людзі гэтыя вельмі напалохаліся. 9 І паклікаў Авімэлэх Абрагама і сказаў яму: што ты з намі зрабіў? чым зграшыў я супроць цябе, што навёў быў на мяне і на царства маё вялікі грэх? ты ўчыніў мне дзеі, якіх ня ўчыняюць. 10 І сказаў Авімэлэх Абрагаму: які ты меў намер, калі ўчыняў гэтую дзею? 11 Абрагам сказаў: я падумаў, што няма ў месцы гэтым страху Божага, і заб'юць мяне за жонку маю; 12 ды яна і сапраўды сястра мне: яна дачка бацькі майго, толькі не дачка маці маёй; і зрабілася маёю жонкаю; 13 калі Бог павёў мяне вандраваць з дому бацькі майго, дык я сказаў ёй: зрабі мне гэтую ласку, у якое ні прыйдзем мы месца, усюды кажы пры мне: гэта брат мой. 14 І ўзяў Авімэлэх дробнага і буйнога быдла, і рабоў і рабыняў, і даў Абрагаму; і вярнуў яму Сарру, жонку ягоную. 15 І сказаў Авімэлэх: вось, зямля мая перад табою; жыві, дзе табе заўгодна. 16 І Сарры сказаў: вось, я даў брату твайму тысячу сікляў срэбра; вось, гэта табе покрывала на вочы перад усімі, хто з табою, і перад усімі ты апраўданая. 17 І памаліўся Абрагам Богу, і ацаліў Бог Авімэлэха, і жонку ягоную, і рабыняў ягоных, і яны пачалі радзіць; 18 бо замкнуў Гасподзь кожнае чэрава ў доме Авімэлэха за Сарру, жонку Абрагамаву.