На двух языках


1 Уява Ісаі, сына Амосавага, якую ён бачыў пра Юдэю і Ерусалім, у дні Азіі Ёатама, Ахаза, Эзэкіі — цароў Юдэйскіх. 2 Слухайце, нябёсы, і ўважай, зямля; бо гаворыць Гасподзь: Я выхаваў і ўзвысіў сыноў, а яны ўзбунтаваліся супраць Мяне. 3 Вол ведае гаспадара свайго, і асёл ясьлі гаспадара свайго; а Ізраіль ня знае Мяне, народ Мой не разумее. 4 О, народзе грэшны, народзе пад цяжкімі беззаконьнямі, ліхадзейскае племя, сыны пагібельныя! Пакінулі Госпада, заняхаілі Сьвятога Ізраілевага, — павярнуліся назад. 5 Па чым вас біць яшчэ, калі далей жывяце ва ўпартасьці? Уся галава ў струпах, і ўсё сэрца струхлела. 6 Ад ступкоў да цемені няма на ім месца здаровага; струпы, плямы, гнойныя раны, неабмытыя і неперавязаныя, і алеем неразьмякчаныя. 7 Зямля ваша спустошана; гарады вашыя агнём спалены; палі вашыя на вашых вачах паядаюць чужынцы; усё запусьцела, быццам пасьля руйнаваньня чужынскага. 8 І засталася дачка Сіёна, як намёт у вінаградніку, як будан у гародзе, як абложаны горад. 9 Калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам невялікае рэшты, дык мы былі б тое самае, што Садома, прыпадобніліся б да Гаморы. 10 Слухайце слова Гасподняе, князі Садомскія: уважай закону Бога нашага, народзе Гаморскі! 11 Навошта Мне мноства ахвяраў вашых? кажа Гасподзь. Я перанасыціўся цэласпаленьнямі бараноў і тлушчам укормленага быдла; і крыві цялят, і ягнят, і казлоў не хачу. 12 Калі вы прыходзіце, каб зьявіцца перад аблічча Маё, хто патрабуе ад вас, каб вы тапталі падворкі Мае? 13 Не насеце болей дарункаў марнотных; дым кадзільны агідны Мне; навамесяцаў і суботаў, сходаў сьвяточных трываць не магу: беззаконьне — і сьвяткаваньне! 14 Навамесяцы вашыя і сьвяты вашыя ненавідзіць душа Мая; яны цяжкія Мне; Мне цяжка іх несьці. 15 І калі вы працягваеце рукі вашыя, Я заплюшчваю ад вас Мае вочы; і калі памнажаеце вы малітвы свае, Я ня чую: вашыя рукі ў крыві. 16 Абмыйцеся, ачысьціцеся; адвядзеце ліхія ўчынкі вашыя ад вачэй Маіх; перастаньце рабіць зло; 17 навучэцеся рабіць дабро; шукайце праўды; ратуйце прыгнечанага; абараняйце сірату; заступайцеся за ўдаву. 18 Тады прыйдзеце, і рассудзім, кажа Гасподзь. Калі будуць грахі вашыя, як барвовае, — як сьнег адбялю; калі будуць чырвоныя, як пурпура, — як воўну адбялю. 19 Калі захочаце і паслухаецеся, дык есьцімеце даброты зямлі. 20 Калі ж адмовіцеся і будзеце ўпарціцца, дык меч зжарэ вас: бо вусны Гасподнія маўляюць. 21 Як зрабілася блудадзейкаю верная сталіца, поўная правасудзьдзя! Праўда жыла ў ёй, а цяпер забойцы. 22 Срэбра тваё зрабілася шлакам, віно тваё сапсавана вадою. 23 Князі твае — законаадступнікі і пасобнікі злодзеяў; усе яны любяць дарункі і ўгоньваюцца за грашыма; не бароняць сіраты, і гора ўдавы ня абыходзіць ім. 24 Таму кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф, Моцны Ізраілеў: о, Я ўсьцешу Сябе над супраціўцамі Маімі і адпомшчу ворагам Маім! 25 І павярну на цябе руку Маю, і, як лугам, адчышчу зь цябе дамесак, і аддзялю ад цябе ўсё сьвінцовае 26 і пастаўляцьму судзьдзяў табе, як раней, і радцаў, як напачатку; тады будуць казаць пра цябе: «горад праўды, сталіца веры». 27 Сіён уратуецца правасудзьдзем, і навернутыя сыны яго — справядлівасьцю. 28 А ўсім адступнікам і грэшнікам — пагібель, і тыя, што пакінулі Госпада, вынішчацца. 29 Яны будуць пасаромленыя за дубровы, якіх вы так прагнулі, і брыдка ім будзе за сады, якія вам так панадныя. 30 Бо вы будзеце, як дуб, зь якога лісьце апала, і як сад, у якім няма вады. 31 І моцны будзе ашмоцьцем, і дзея ягоная — іскраю; і будуць паліцца разам, — і ніхто не патушыць.