На двух языках


1 Пачатак Дабравесьця Ісуса Хрыста, Сына Божага, 2 як напісана ў прарокаў: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад Табою». 3 «Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму». 4 Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў. 5 І выходзілі да яго ўся краіна Юдэйская і Ерусалімляне; і хрысьціліся ў яго ўсе ў рацэ Ярдане, спавядаючыся ў грахах сваіх. 6 А ў Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў акрыды і дзікі мёд. 7 І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рэмень абутку Ягонага; 8 я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым. 9 І было ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і хрысьціўся ў Яна ў Ярдане. 10 І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Ян, як адчыніліся нябёсы, і Духа, як голуба, Які сыходзіў на Яго. 11 І голас быў зь нябёсаў: «Ты Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў». 12 І адразу пасьля гэтага Дух вядзе Яго ў пустыню. 13 І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною, і быў са зьвярамі; і анёлы слугавалі Яму. 14 А пасьля таго, як прададзены быў Ян, прыйшоў Ісус ў Галілею, прапаведуючы Дабравесьце Царства Божага, 15 і кажучы, што прыйшоў час і наблізілася Царства Божае: пакайцеся і веруйце ў Дабравесьце. 16 А праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі. 17 І сказаў ім Ісус: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. 18 І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі за Ім. 19 І прайшоўшы адтуль далей, Ён угледзеў Якава Зевядзеевага і Яна, брата ягонага, таксама ў лодцы; яны ладзілі мярэжы, 20 і адразу заклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім. 21 І прыходзяць у Капернаум; і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і вучыў. 22 І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх як той, хто ўладу мае, а не як кніжнікі. 23 У сынагозе іхняй быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і закрычаў: 24 кінь, што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў пагубіць нас! ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы. 25 Але Ісус загразіў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго. 26 Тады дух нячысты, скалануўшы яго і закрычаўшы зычным голасам, выйшаў зь яго. 27 І жахнуліся ўсе, і пыталіся адзін у аднаго: што гэта? што гэта за вучэньне новае, што Ён і духам нячыстым загадвае і яны слухаюцца Яго. 28 І хутка разышлася пра Яго пагалоска па ўсіх землях вакол Галілеі. 29 Выйшаўшы неўзабаве з сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя зь Якавам і Янам. 30 А Сымонава цешча ляжала ў гарачцы; і адразу кажуць Яму пра яе. 31 Падышоўшы, Ён падняў яе, узяў яе за руку; і гарачка адразу пакінула яе, і яна пачала слугаваць ім. 32 А як зьмяркалася, калі заходзіла сонца, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі. 33 І ўвесь горад сабраўся да дзьвярэй. 34 І Ён ацаліў многіх, што цярпелі ад розных хваробаў; выгнаў шмат дэманаў і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос. 35 А нараніцу, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся. 36 Сымон і тыя, хто быў зь Ім, пайшлі за Ім; 37 і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе. 38 Ён кажа ім: хадзем у бліжэйшыя селішчы і гарады, каб Мне і там зьвеставаць, бо Я на тое і прыйшоў. 39 І Ён зьвеставаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў дэманаў. 40 Прыходзіць да Яго пракажоны і, просячы Яго на каленях, кажа Яму: калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. 41 Ісус, умілажаліўшыся зь яго, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: хачу, ачысьціся. 42 Пасьля гэтага слова праказа адразу сыйшла зь яго, і ён стаўся чыстым. 43 І гнеўна выгаварыўшы яму, адразу прагнаў яго 44 і сказаў яму: глядзі, нікому нічога не кажы; а ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Майсей, на сьведчаньне ім. 45 А ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і расказваць пра тое, што адбылося, так што Ісус ня мог ужо адкрыта ўвайсьці ў горад, а быў звонку, у мясьцінах пустэльных. І прыходзілі да Яго адусюль.