На двух языках


1 Быў адзін чалавек з Раматаім-Цофіма, з гары Яфрэмавай, імя яго Элкана, сын Ерахама, сына Ілія, сына Тоху, сына Цуфа, — Эфрацянін; 2 у яго былі дзьве жонкі: імя адной Ганна, а імя другой Фэнана; у Фэнаны былі дзеці, а ў Ганны ня было дзяцей. 3 І хадзіў гэты чалавек з горада свайго ў адпаведныя дні пакланяцца і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу ў Сілом; і там былі два сыны ягоныя, Офні і Фэнэес, сьвятарамі Госпада. 4 У той дзень, калі Элкана прыносіў ахвяру, даваў Фэнане, жонцы сваёй, і ўсім сынам яе і дочкам яе долі; 5 а Ганьне даваў долю адмысловую, бо кахаў Ганну, хоць Гасподзь замкнуў улоньне яе. 6 Суперніца яе моцна засмучала яе, падбіваючы яе да нараканьняў на тое, што Гасподзь замкнуў улоньне яе. 7 Так бывала кожны год, калі хадзіла яна ў дом Гасподні: тая засмучала яе, а гэтая плакала і ня ела. 8 І сказаў ёй Элкана, муж яе: Ганна! Чаго ты плачаш і чаму не ясі, і, чаго смуткуе сэрца тваё? ці ж ня лепшы я табе за дзесяць сыноў? 9 І ўстала Ганна пасьля таго, як яны елі і пілі ў Сіломе. А Ілій сьвятар сядзеў тады на сядзеньні каля ўваходу ў храм Гасподні. 10 І была яна ў скрусе душы, і малілася Госпаду, і горка плакала, 11 і дала абяцаньне, кажучы: Госпадзе Саваоф! Калі Ты ўважыш скрусе рабы Тваёй і спамянеш пра мяне, і не забудзеш рабы Тваёй і дасі рабе Тваёй дзіця мужчынскага полу, дык я аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцьця яго, і брытва не кране галавы ягонай. 12 Тым часам як яна доўга малілася прад Госпадам, Ілій глядзеў на вусны яе; 13 і як Ганна гаварыла ў сэрцы сваім, а вусны яе толькі варушыліся, і ня было чуваць голасу яе, дык Ілій прыняў яе за п'яную. 14 І сказаў ёй Ілій: дакуль ты будзеш п'яная? працьверазіся зь віна твайго. 15 І адказвала Ганна і сказала: не, спадару мой; я — жонка, што засмучаецца духам, віна і сікеру я ня піла; а выліваю душу маю прад Госпадам; 16 ня лічы рабы тваёй нягоднаю жанчынаю, бо ад вялікай журбы маёй і ад скрухі маёй я гаварыла дагэтуль. 17 І адказваў Ілій і сказаў: ідзі зь мірам, і Бог Ізраілеў спраўдзіць просьбу тваю, чаго ты прасіла ў Яго. 18 А яна сказала: хай жа знойдзе раба твая літасьць у вачах тваіх! І пайшла яна ў няволю сваю, і ела, і аблічча яе ня было ўжо журботнае, як раней. 19 І ўсталі яны раніцай, і пакланіліся прад Госпадам, і вярнуліся, і прыйшлі ў дом свой у Раму. І паклікаў Элкана Ганну, жонку сваю, і спамянуў пра яе Гасподзь. 20 Празь некаторы час зачала Ганна і нарадзіла сына і дала яму імя Самуіл, бо, «у Госпада я выпрасіла яго». 21 І пайшоў муж яе Элкана і ўся сямья ягоная прынесьці гадавую ахвяру Госпаду і абяцаньні свае. 22 А Ганна не пайшла, сказаўшы мужу свайму: калі дзіця будзе аднята ад грудзей і падрасьце, тады я завяду яго, і ён зьявіцца прад Госпадам і застанецца там назаўсёды. 23 І сказаў ёй Элкана, муж яе: рабі, што табе заўгодна; заставайся, пакуль ня выкарміш яго грудзьмі; толькі хай спраўдзіць Гасподзь слова, якое выйшла з вуснаў тваіх. І засталася жонка ягоная і карміла грудзямі сына свайго, пакуль ня выкарміла. 24 А калі выкарміла яго, пайшла зь ім у Сілом, узяўшы тры цяляці і адну эфу мукі і мех віна, і прыйшла ў дом Госпада ў Сіломе; а хлопчык быў яшчэ дзіця. 25 І закалолі цяля; і прывялі хлопчыка да Ілія, 26 і сказала: о, спадару мой! хай жыве душа твая, спадару мой! я — тая самая жанчына, якая тут пры табе стаяла і малілася Госпаду; 27 за гэтае дзіця малілася я, і спраўдзіў мне Гасподзь просьбу маю, чаго я прасіла ў Яго; 28 і я аддаю яго Госпаду на ўсе дні жыцьця ягонага — служыць Госпаду. І пакланілася там Госпаду.